Адбыўся V Форум бібліятэкараў Беларусі

З 30 мая па 1 чэрвеня адбыўся V Форум бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У Форуме прынялі ўдзел каля 400 супрацоўнікаў бібліятэк краіны. Першы дзень мерапрыемства, які праводзіўся на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, пачаўся з адкрыцця V Форуму бібліятэкараў Беларусі старшынёй Савета грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”, дырэктарам Навуковай бібліятэкі БНТУ Інай Юрык. Прагучалі прывітальныя словы ад імя міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара, а таксама з прывітальным зваротам выступіў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. На пленарным пасяджэнні выступілі з дакладамі Наталля Задзяркоўская (“Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь”), Мікалай Яцэвіч (“Узаемадзеянне бібліятэк і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пры падрыхтоўцы кадраў”), Уладзімір Кулажанка (даклад “Універсітэцкія бібліятэкі: погляд за гарызонт падзей”, падрыхтаваны сумесна з дырэктарам Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалаем Грынько), Вольга Шульга, Алена Понтаплёва (“Сетка навукова-тэхнічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь”), Марына Рафеева (“Бібліятэка, якая неабходна грамадству: высновы, атрыманыя дасведчаным шляхам”), Алена Капыток (“10 паспяховых праектаў публічнай бібліятэкі: ад задумы да рэалізацыі”), Іна Юрык (“Праект IFLA Global Vision у Беларусі: наш уклад у стварэнне моцнага і глабальнага аб’яднання бібліятэчнага грамадства”). У першы дзень Форуму падарункам удзельнікам стаў канцэрт гурта “Камерата”.

Адным з арыгінальных мерапрыемстваў першага дня стала рэгіянальная дыскусія “ІФЛА. Глабальнае бачанне”, якая адбылася ў межах сусветнага праекта Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый (ІФЛА) – «Global Vision», што дзейнічае з 2017 года і мае на мэце правядзенне нарад, дыскусій, абмеркаванняў шляхоў развіцця бібліятэк. Вядучыя спецыялісты бібліятэчнай сферы абмеркавалі праблемы і цяжкасці, што ўзнікаюць у прафесійнай дзейнасці ў сувязі з нарастаннем глабалізацыі. Падчас дыскусіі звярталася ўвага на тое, што адным са шляхоў развіцця бібліятэчнай карпаратыўнай культуры, стварэння духу супрацоўніцтва з’яўляецца выкананне сумесных праектаў, у тым ліку матэрыльнай тэхнічнай дапамогі (на прыкладзе праекта LNSS). Выніковая справаздача па дзейнасці рэгіянальнай дыскусіі будзе накіравана ў ІФЛА.

Другі дзень V Форуму бібліятэкараў Беларусі быў адзначаны майстар-класамі, якія праводзіліся на базе Навуковай бібліятэкі Беларусі Ірынай Васільковіч ( “Арганізацыя выставачнай дзейнасці ў бібліятэцы”), Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольгай Вовк (“Бібліятэчны каворкінг: ад ідэі да работы над памылкамі. Вопыт Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта”), Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталляй Бабровай (“Валанцёры і бібліятэка: вопыт арганізацыі бясплатных курсаў вывучэння замежных моваў”), Бібліятэкі № 7 імя Якуба Коласа Людмілай Каляда (“Арганізацыя аматарскіх аб’яднанняў пры бібліятэках”). Пра асаблівасці працы з дзецьмі распавяла Таццяна Швед, дырэктар цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска, а пра арганізацыю прасторы ў вузаўскіх бібліятэках, аўтаматызацыю бібліятэчных працэсаў даведаліся ад Яўгеніі Грабко, супрацоўніцы бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя таго, у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы г. Жодзіна прайшло выязное пасяджэнне “Інавацыйныя формы работы публічнай бібліятэкі”. Падчас пасяджэння былі праслуханы даклады аб праектнай дзейнасці Цэнтральнай гарадской бібліятэкі г. Жодзіна, акрэслены асаблівасці працы з чытачамі, прадстаўлена значная колькасць кніжных выстаў і праведзена экскурсія па бібліятэцы.

Удзельнікам Форуму была прадстаўлена прэзентацыя праекта “Сервісы падтрымкі бібліятэчнай сеткі: мадэрнізацыя бібліятэк у Арменіі, Малдове і Беларусі сродкамі развіцця персаналу і рэфармавання бібліятэк”. Адзначана, што праект дзейнічае з 2016 года, яго мэтамі з’яўляюцца мадэрнізацыя бібліятэк і павышэнне прафесійнага ўзроўню супрцоўнікаў, развіццё стратэгіі павышэння кваліфікацыі, эфектыўнасці кіравання, інавацыйнага патэнцыялу бібліятэк Арменіі, Малдовы і Беларусі, а таксама стварэнне і падтрымка сеткі LNSS для распаўсюджання інфармацыі як на нацыянальным узроўні, так і паміж краінамі-ўдзельнікамі Усходняга Партнёрства. Дырэктарам Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалаем Грынько былі акрэслены асноўныя накірункі работы па праекце, прадстаўлена справаздача па праектнай дзейнасці, якая ўключала ў сябе агляд мерапрыемстваў праекта. 

Пасля афіцыйнай часкі Форуму ўдзельнікам была праведзена экскурсія па найбольш цікавых мясцінах горада, а таксама на адно з вядучых рэспубліканскіх прадпрыемстваў – ААТ “БелАЗ”.

Выніковае пасяджэнне і закрыццё V Форуму бібліятэкараў Беларусі адбылося ў трэці дзень мерапрыемства, 1 чэрвеня. У ходзе падвядзення вынікаў плённай працы ўдзельнікамі Форуму былі акрэслены далейшыя накірункі дзейнасці і арганізацыі ўзаемадзеяння бібліятэк краіны.

 

 

 

 

Источник: 

Аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ