Вынікі Міжнароднай канферэнцыі “Менеджмент бібліятэк ВНУ”

У межах навуковага форуму, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у купалаўскім універсітэце быў праведзены шэраг мерапрыемстваў. Так, 26–28 кастрычніка прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Францыск Скарына. Жыццё, творчасць, успрыманне”.

Першы дзень канферэнцыі пачаўся ў Беластоцкім універсітэце. На другі і трэці дзень праца працягнулася ў Гродна (Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага, навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы). На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні гісторыі кнігадрукавання ў славянскіх краінах, Францыск Скарына ў культурах Усходу і Захаду і ў гісторыі еўрапейскага кнігадрукавання, пытанні даследавання дзейнасці Францыска Скарыны і іншыя.

Адначасова 26–27 кастрычніка 2017 года навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прымала гасцей XVII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Менеджмент бібліятэк ВНУ”. Тэма 2017 года: “Бібліятэка ў навукова-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 120 прадстаўнікоў бібліятэчнай супольнасці, дзяржаўных органаў кіравання, кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў культуры, навукі і адукацыі з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Чэхіі, Германіі і Індыі.

На пленарным пасяджэнні падымаліся пытанні пра сучасны стан універсітэцкай бібліятэкі, пра інавацыі ў бібліятэчнай сферы, пра месца бібліятэкі ў навуковай прасторы і прасторы ВНУ і г.д.

У першы дзень працы канферэнцыя дзейнічала ў трох накірунках: секцыя  “Інфармацыйная падтрымка навукі і адукацыі”; круглы стол “РІНЦ як эфектыўны інструмент ацэнкі і павелічэння рэйтынгу навуковых публікацый”; “Маніторынг праекта LNSS офісам Erasmus+ у Рэспубліцы Беларусь”. У другі дзень працавала секцыя “Бібліятэчна-інфармацыйная прастора: выклікі часу”.

Таксама падчас работы секцый дзейнічалі пляцоўкі: выдавецкай прадукцыі, электронных інфармацыйных рэсурсаў, праграмнага забеспячэння і тэхнічнага абсталявання для бібліятэк.

Для ўдзельнікаў канферэнцыі былі праведзены экскурсіі па ўніверсітэце, музеі гісторыі ГрДУ, навуковай бібліятэцы. А напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя наведалі Аўгустоўскі канал.

Заключным мерапрыемствам у межах форуму стала прэзентацыя кнігі Ігара Васільевіча Жука “Прыхінуцца да крыніцы”, прысвечаная творчасці класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

 

   

  

   

   

   

   

   

   

   

 

Источник: 

Аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ