Выстава творчых прац "Скарб душы"

26 снежня ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы творчых прац супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  “Скарб душы”, прымеркаванай да святкавання Нараджэння Хрыстова і Новага года. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі цэнтр кадравай і прававой работы і навуковая біблітэка. З уступным словам выступіў першы прарэктар Алег Аляксандравіч Раманаў, які падкрэсліў станоўчы ўплыў творчых здольнасцей супрацоўнікаў на развіццё асобы чалавека, а таксама адзначыў адну з найважнейшых роляў навуковай бібліятэкі – цэнтра культурна-грамадскай дзейнасці.

Вядома, што ніхто не зможа лепш за аўтара расказаць пра свой твор. Таму прэзентавалі свае працы самі творцы. Першай слова было прадастаўлена дацэнту, кандыдату педагагічных навук, выкладчыку кафедры прыродазнаўчанавуковых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ганне Серафімаўне Сідарчук, якая пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі тэхнікі вышыўкі ценявой гладдзю і прадэманстравала некалькі сваіх работ. Кіраўнік юрыдычнага аддзела Таццяна Алегаўна Нахільніцкая расказала пра манахромную вышыўку і адзначыла крапатлівасць дадзенай працы, якая патрабуе шмат часу. Бібліятэкар 2 катэгорыі аддзела бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій Ірына Тарыелаўна Яўгенідзэ расказала пра старажытную тэхніку падвойнага ткацтва, якая з 2011 года ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных скарбаў Рэспублікі Беларусь. Галоўны бібліёграф аддзела камплектавання, навуковай апрацоўкі фондаў і арганізацыі каталогаў Наталля Браніславаўна Аляксеева падзялілася гісторыяй стварэння свайго першага вязанага вырабу і расказала аб рэалізацыі сучасных творчых ідэй. Вядучы бухгалтар Таццяна Валянцінаўна Матушка прадэмантравала свае ўнікальныя тэкстыльныя лялькі і вязаныя з плюшавых нітак цацкі. Спецыяліст 2 катэгорыі дэканата педагагічнага факультэта Ганна Мікалаеўна Каменева распавяла пра свае вырабы з папяровай лазы і дэкупаж. Акрамя вырабаў, выстава змяшчае і паэтычныя творы. Так, спецыяліст вучэбна-метадычнага кабінета факультэта эканомікі і кіравання Галіна Мікалаеўна Швяцова прачытала ўласныя вершы. Адкрыццё выставы суправаджалася творчымі нумарамі студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены работы разнастайных відаў творчасці: алмазная вышыўка, скрапбукінг, малюнак, вырабы з фетру і многае іншае. Усе ўдзельнікі выставы атрымалі памятныя падарункі, а таксама падзячныя лісты. Сімвалічным было і тое, што першымі наведвальнікамі выставы сталі ветэраны працы, якія не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі самаадданай дзейнасці на карысць роднага ўніверсітэта. Ужо ў час правядзення мерапрыемства ўзнікла ідэя аб стварэнні падобнай выставы, на якой будуць прадстаўлены творчыя працы ветэранаў.

Выстава “Скарб душы” будзе дзейнічаць да 18 студзеня 2019 года. Запрашаем усіх жадаючых па адрасе вул. Ажэшка 22, аўд. 116.

    

    

    

    

    

 

Источник: 

Адзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ