Літаратурны фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»

15 чэрвеня на тэрыторыі «Замкавага комплексу “Мір”» адбыўся літаратурны фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», у якім прынялі ўдзел і купалаўцы: выкладчыкі, аспіранты і студэнты філалагічнага факультэта, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, а таксама супрацоўнікі навуковай бібліятэкі.

Кніжны фестываль такога кшталту праводзіцца на Гродзеншчыне ўжо ў трэці раз, але ўпершыню ён сабраў гасцей у Мірскім замку, антураж якога надаў мерапрыемству асаблівую атмасферу і настрой.

Удзел у фэсце прынялі найбуйнейшыя дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы нашай краіны. Былі запрошаны пісьменнікі з Беларусі, Украіны і Расіі.

У цэнтры ўвагі былі прэзентацыі кнігі Анатоля Бутэвіча «Тайны Мирского замка» і гістарычных даследаванняў Віктара Хурсіка аб Магдалене Радзівілл «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл».

На галоўнай сцэне ў двары замка ўкраінская пісьменніца Ірына  Данеўская прадставіла кнігу «Багуслаў Радзівіл, нямецкі прынц», расійскі пісьменнік і журналіст Мікалай Яфімовіч – кнігу «Майя Плисецкая. Рыжий лебедь», беларуская пісьменніца Людміла Рублеўская – серыю кніг «Авантуры Пранціша Вырвіча». На пачатку гэтага года ў ваколіцах Мірскага замка адбыліся здымкі мастацкай стужкі па першай кнізе з гэтай серыі. Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» прадставіла серыю кніг да юбілею Перамогі і вызвалення Беларусі. Адбыліся сустрэчы з аўтарамі літаратуры для дзяцей і юнакоў Валерыем Гапеевым, Лінай Багданавай, Ірынай Токаравай.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага прадставіла выставу самаробных кніг і лялек  ̶  герояў літаратурных твораў.

Акрамя таго, госці свята мелі магчымасць пагутарыць і даведацца пра навінкі, якія выйшлі ў пісьменнікаў і паэтаў Мінскага і Гродзенскага аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Асаблівая ўвага надзялялася гістарычнай кнізе. Літаратарамі, навукоўцамі, грамадскімі дзеячамі падчас круглага стала «Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве» абмяркоўваліся актуальныя на сённяшні дзень пытанні.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белсаюздрук», музей «Замкавы комплекс “Мір”», ААТ «Белкніга».

 

 

 

 

 

Источник: 

Аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ