Прэзентацыя факсімільнага выдання Бібліі Францыска Скарыны

20 лютага ў навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Бібліі Францыска Скарыны. Адкрыў мерапрыемства дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько. З уступным словам выступіў прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко, які адзначыў значнасць дадзенага мерапрыемства і падзякаваў за магчымасць мець ва ўніверсітэцкай бібліятэцы кнігі, што былі выдадзены звыш пяцісот год таму. Акрамя таго, Генадзій Аляксеевіч запрасіў усіх прысутных на “Купалаўскую дыктоўку”, што адбудзецца на факультэтах 21 лютага.

Прэзентаваў факсімільнае выданне кніг Бібліі кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай працы НББ Алесь Суша. Алесь Аляксандравіч ухваліў добры прыклад правядзення Тыдня роднай мовы ў купалаўскім універсітэце і выказаў жаданне пераняць гэты вопыт. Ён расказаў пра значнасць асобы Францыска Скарыны, яго дасягненні ў галіне філасофіі, медыцыны, батанікі, лінгвістыкі, перакладчыцкай дзейнасці, паэзіі, правазнаўства, грамадскай дзейнасці, друкарскай справе і многага іншага. Згадаў пра ўшанаванне памяці знакамітага друкара: імя Францыска Скарыны носяць многія вуліцы на Беларусі і за мяжой, бібліятэкі, выдавецтвы, кнігадрукарні, школы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, цягнік Брэст-Варшава, паштовыя маркі з выявамі Скарыны, ордэн і медаль. Алесь Суша расказаў аб працы над праектам па падрыхтоўцы факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Дадзенае выданне, прымеркаванае да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, – сумесны праект Банка БелВЭБ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які ажыццяўляўся па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Гэта першае поўнае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Выданне складаецца з 20 тамоў, якія ўяўляюць сабой поўны збор 25 кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе (1517-1519 гг.) і Вільні (1522-1525 гг.).  Кожны том суправаджаецца прадмовай на беларускай, рускай і англійскай мовах. Алесь Аляксандравіч адзначыў імкненне ўкладальнікаў максімальна поўна захаваць аўтэнтычны выгляд арыгінальных выданняў. Вынікі праекта вельмі значныя: праведзена 80 прэзентацый факсімільнага выдання Бібліі па ўсім свеце з бясплатнай перадачай кніг, зроблена вялікая электронная бібліятэка кніг Францыска Скарыны, у Беларусь была прывезена 61 кніга Скарыны, у тым ліку Малая падарожная кніжыца, выдадзена энцыклапедыя “Францыск Скарына”, праведзены шматлікія выставы і конкурсы. Як адзначыў Алесь Суша, дзякуючы праекту кнігі Францыска Скарыны сталі даступнымі для беларусаў, а гэта самы важны вынік працы.

Источник: 

Аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ