Сустрэча з Людмілай Рублеўскай

19 лютага ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі прайшла сустрэча з Людмілай Рублеўскай, беларускай паэтэсай, пісьменніцай, літаратурным крытыкам, Лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф», Лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор», аглядальнікам аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня». Мерапрыемства праводзілася сумесна з Гродзенскай епархіяй. Са сваімі вершамі прысутных пазнаёмілі Анатоль Брусевіч, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, і Павел Каспяровіч, святар Свята-Пакроўскага сабора.

Адкрыў мерапрыемства дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько, адзначыўшы сімвалічнасць сустрэчы ў рамках Тыдня роднай мовы, які праводзіцца ў Гродзенскім універсітэце ўпершыню.

Айцец Павел Каспяровіч расказаў гісторыю напісання верша “Я веру, што дзесьці…”, які прысвяціў сваёй жонцы, а таксама прачытаў некалькі вершаў іншых тэматык.

Анатоль Брусевіч адзначыў сур’ёзнае стаўленне да слова і паэтычнай творчасці, што пацвердзіў уласнымі вершамі “За акном маім студзень пануры”, “Восень, туга даматканая…” і інш.

“Гародню люблю, бывала шмат разоў, але апошні раз была тут некалькі гадоў назад…” – адзначыла Людміла Рублеўская. Пісьменніца паведаміла, што літаральна ўчора распачаліся здымкі фільму па яе апошняй кнізе з цыклу раманаў “Авантуры Вырвіча”, прэм’ера якога запланавана на канец года. Аўтарка згадвае, што ўжо з дзяцінства спрабавала нешта пісаць: вершы, кароценькія гісторыі, якія дапаўняла малюнамі. Дэбютавала Людміла Рублеўская вершам (яе зборнікі “Крокі па старых лесвіцах”, “Адукацыя”, “Замак месячнага сяйва”), пазней звярнулася да прозы (“Старасвецкія міфы горада Б”, кніга казак для дзяцей “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, кніга аповесцей “Дзеці Гамункулуса”, “Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара”, “Ночы на Плябанскіх Млынах”, раманы “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, “Сутарэнні Ромула”, серыя раманаў “Авантуры Пранціша Вырвіча”).

Асобнае месца ў жыцці Людмілы Рублеўскай займае Школа маладога пісьменніка, дзе яна вучыць маладых творцаў удасканальваць свае веды і ўменні ў літаратурнай дзейнасці. Паступленне ў школу адбываецца ў канцы лета, набіраецца 20 чалавек кожны год (пакуль што толькі маладыя празаікі могуць стаць яе вучнямі), заняткі праходзяць 2 разы на месяц. Навучэнцы атрымліваюць мноства хатніх заданняў, а таксама выконваюць творчыя заданні на лекцыях. У канцы года выдаецца калектыўны зборнік. Некаторыя могуць працягнуць сваё навучанне ў школе: на другім годзе навучання малады пісьменнік працуе над сваёй кнігай, пад кіраўніцтвам выкладчыка.

Варта зазначыць, што сярод удзельнікаў мерапрыемства былі не толькі студэнты і выкладчыкі купалаўскага ўніверсітэта, але і вучні СШ №31 г. Гродна разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ярмусік Валянцінай Міхайлаўнай.

Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй.

 

Источник: 

Аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ