Упершыню прайшла Летняя школа беларускай мовы і культуры

З 5 па 14 жніўня на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла Летняя школа беларускай мовы і культуры.

Ініцыятарам адукацыйнага праекта стаў Мікалай Грынько, дырэктар навуковай бібліятэкі. Слухачамі школы сталі прадстаўнікі Інстытута славяназнаўства РАН і Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава: Марыя Ламм, Аляксандра Шырокава, Марыя Дораш.

Місія Летняй школы беларускай мовы і культуры – не толькі вывучыць беларускую мову, літаратуру і культуру, але і адкрыць для сябе Беларусь, яе традыцыі і прыгажосць. Адпаведна ёй праграма курсаў разам з заняткамі па вывучэнні беларускай мовы, а менавіта яе фанетычных асаблівасцей, правапісу, культуры маўлення, фразеалогіі, прадугледжвала і аглядныя лекцыі па гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры, фалькларыстыцы,  вандроўкі па знакамітых месцах Гродна і рэгіёна і, канешне ж, актыўны адпачынак. Асабліва цікавымі для ўдзельнікаў школы былі сустрэчы з гарадзенскімі пісьменнікамі: Данутай Бічэль, Алай Петрушкевіч і Анатолем Брусевічам.

У рамках праграмы было арганізавана мноства экскурсій: першая з іх, зразумела, экскурсія па знакавых мясцінах нашага горада, знаёмства з яго гісторыяй, архітэктурай і культурай. У рамках аглядных лекцый па беларускай літаратуры быў наведаны музей Максіма Багдановіча, дзе ўдзельнікі школы змаглі дакрануцца да старонак жыцця класіка беларускай літаратуры. Зацікавіў гасцей і Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, так як гэта адзіны ў Беларусі музей, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. І, канешне ж, пазнавальная экскурсія ў Музей гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы.

Неад’емнай часткай беларускай культуры з’яўляюцца народныя рамёствы. Каб найбольш поўна адчуць традыцыйны народны дух, для ўдзельнікаў школы была арганізавана экскурсія ў музей ткацтва, які дзейнічае на базе студыі “Суквецце талентаў” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Акрамя таго, кіраўніком студыі Марынай Аляксандраўнай Камінскай для гасцей быў арганізаваны майстар-клас па тканні паясоў на дошчачках.

Пранікнуцца духам беларускасці ўдзельнікі змаглі ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі, які быў створаны на базе школьнага літаратурна-краязнаўчага музея, які ў сваю чаргу арганізаваў былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мікалаевіч Белакоз. У музеі арганізавана некалькі залаў: “Народнай медыцыны”, “Лёну і народнага ткацтва”, “Гісторыі Гудзевіч у дакументах і фотаздымках”, “Гудзевічы ў мастацтве”, “Практычнага ткацтва”.

“Уікэнд па-беларуску” – пад такім дэвізам прайшлі выхадныя ўдзельнікаў школы. У суботу для іх была арганізавана паездка па маршруце “Навагрудак-Мір-Несвіж”, якая нагадала аб норавах і культуры Сярэднявечча, прадэманстравала дасягненні зброевых майстроў мінулых стагоддзяў, расказала аб пышнасці баляў і свят далёкіх часоў. У нядзелю наведалі велічную Белавежскую пушчу – адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы.

Знаёмства з Беларуссю ня будзе поўным, калі не паспрабаваць нацыянальныя стравы, а яшчэ лепш – навучыцца іх гатаваць самім. У адзін з вольных вечароў супрацоўнікі бібліятэкі і ўдзельнікі школы смажылі дранікі з мясам, якія лічацца адной з самых вядомых беларускіх нацыянальных страваў.

Апошнім часам вялікую папулярнасць набываюць фільмы па-беларуску. У нашым горадзе штотыднёва крамай “Цудоўня” арганізоўваюцца паказы сусветнавядомых фільмаў, якія перакладзены на беларускую мову. Удзельнікам школы выпала мажлівасць файна правесці вечар за праглядам фільму “Збеглая нявеста”.

Яшчэ адзін з варыянтаў цікава і пазнавальна правесці вольны час – гэта інтэлектуальныя гульні, якіх у нашым горадзе праводзіцца не так і мала. Удзельнікі школы выказалі жаданне наведаць адну з такіх гульняў: «Hedgehog Quiz» (серыя інтэлектуальна-разважальных гульняў, арганізаваная гарадзенскімі аўтарамі).

Незаўважна прабеглі дні і мы наблізіліся да заключнага дня Летняй школы беларускай мовы і культуры. Развітальная сустрэча адбылася ва ўтульнай атмасферы чытальнай залы за гарбатай і блінцамі з мёдам. Ад нашых гасцей прагучала шмат слоў удзячнасці за цёплы прыём, за цікавыя і пазнавальныя заняткі, за арганізацыю іх вольнага часу. Своеасаблівым падцверджаннем паспяховага засваення беларускай мовы ўдзельнікамі школы стала прачытанне на памяць беларускамоўных вершаў.

Мы спадзяёмся, што Летняя школа беларускай мовы і культуры на базе навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы стане штогадовай, а колькасць яе ўдзельнікаў з кожным разам будзе павялічвацца.

 

(Падрабязная фотасправаздача ў сацыяльных сетках https://www.facebook.com/s.lib.yksug)




Сайт президента Республики Беларусь Министерство образования Республики Беларусь Вестник ГрГУ Национальная библиотека Электронная библиотека диссертаций Научная библиотека БНТУ