“Табой я жыў, табой жыву…” – Научная библиотека УО"Гродненский государственный университет имени Янки Купалы"

“Табой я жыў, табой жыву…”

“Табой я жыў, табой жыву…”

16 лістапада ў навуковай бібліятэцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання “Табой я жыў, табой жыву…”, прысвечанага Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, жонцы Якуба Коласа.

Кніга змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы.

На ўрачыстае мерапрыемства завіталі ўкладальніцы кнігі – унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка, Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. Госці распавялі пра вялікую навуковую працу, якую трэба было зрабіць, каб кніга пабачыла свет і была прадстаўлена шырокаму колу чытачоў, і выказалі падзяку выдавецкаму дому “Звязда” за шыкоўнае выданне, якое стане сапраўдным падарункам для тых, хто цікавіцца жыццём і творчасцю паэта.

Кніга стварае мастацкія партрэты як жонкі класіка, так і самога Якуба Коласа, іх найбліжэйшага атачэння. Праз лісты адкрываецца ўнутраны сусвет сям’і. Як было адзначана падчас прэзентацыі, выданне можа паслужыць падручнікам па сямейным жыцці.

Вельмі сімвалічна, што прэзентацыя кнігі і знаёмства з унучкай і праўнучкай класіка прайшло ў юбілейны год, калі ў Беларусі адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа.

Кнігу вы можаце знайсці ў фондзе навуковай бібліятэкі (філіял №2, вул. Ажэшкі, 22, аўд. 116).