VI Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы»: два тыдні натхнення і сяброўства
Навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы традыцыйна стала адным з цэнтраў прыцягнення аматараў беларускага слова. Ужо ў шосты раз тут прайшла Летняя школа беларускай мовы і культуры, якая сабрала ў Гродне больш за дзесяць удзельнікаў з Расійскай Федэрацыі – прадстаўнікоў Масквы, Варонежа і Санкт-Пецярбурга.
Урачысты старт праекту быў дадзены ў першы панядзелак жніўня.
Урокі мовы, літаратуры і гісторыі
За 12 дзён удзельнікі школы атрымалі магчымасць пагрузіцца ў беларускамоўнае асяроддзе па максімуму. Ранішнія заняткі былі прысвечаны тэорыі: выкладчыкі М.А. Якалцэвіч, М.У. Грынько, С.Д. Грынько дапамагалі гасцям асвоіць тонкасці беларускай мовы, С.М. Тарасава знаёміла іх з багаццем беларускай літаратуры, А.С. Горны распавёў пра беларускую нацыянальную ідэю. Як падкрэсліў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ і кіраўнік школы Мікалай Грынько, удзельнікі знаёміліся не проста з мовай, а з жывой культурай і шматвяковай гісторыяй краіны.
Асабліва натхняльным стаў прыклад аднаго з удзельнікаў, студэнта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Ф. Ламаносава Пятра Фядосава, які прыязджае ў Купалаўскі ўніверсітэт ужо ў чацвёрты раз. Пачынаючы з амаль нулявога ўзроўню, ён здолеў дасягнуць свабоднага валодання мовай і на завяршэнні школы даваў інтэрв’ю выключна па-беларуску.
Знаёмства з Гродна і падарожжы па краіне
Дзённая праграма была насычана экскурсіямі. Удзельнікі шмат гулялі па Гродне, наведвалі помнікі архітэктуры, прымалі ўдзел у «Дні музеяў» і адпраўляліся ў падарожжы, каб адкрыць для сябе таямніцы мінулага Беларусі. Для многіх гасцей гэта была першая сустрэча з горадам, і яна пакінула незабыўныя ўражанні.
Творчасць і сапраўдная беларуская кухня
Вечары ў школе былі прысвечаны творчым майстар-класам, дзе ўдзельнікі сваімі рукамі стваралі вырабы ў беларускім стылі. Апошні тыдзень адзначыўся яшчэ і гастранамічным знаёмствам: госці рыхтавалі і дэгуставалі традыцыйныя стравы беларускай кухні. Адметным момантам стала сустрэча з пісьменніцай Л. Кебіч, якая пагаварыла з удзельнікамі аб сучаснай беларускай літаратуры.
Закрыццё са слязамі на вачах
Завяршэнне школы прайшло ў па-хатняму ўтульнай атмасферы. Дванаццаць удзельнікаў, якія за гэтыя дні сталі адной сям’ёй, атрымалі сертыфікаты і сувеніры на памяць. У гэты момант перапляліся шчырыя ўсмешкі радасці і слёзы лёгкага суму, бо развітвацца заўсёды няпроста.
Чакаем сустрэчы з удзельнікамі Летняй школы беларускай мовы і культуры ў наступным годзе.
Больш фота і інфармацыі пра Школу ў нашых сацыяльных сетках.


















