Аб навуковай бібліятэцы – Навуковая бібліятэка Установа адукацыі Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы

Аб навуковай бібліятэцы

 

Навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы пачала дзейнічаць у Гродзенскім настаўніцкім інстытуце, першыя заняткі ў якім былі праведзены 7 сакавіка 1940 г. На момант адкрыцця інстытута бібліятэчны фонд налічваў больш за 15 000 экз. Камплектаванне бібліятэчнага фонду ажыццяўлялася сродкамі скупкі літаратуры ў грамадзян горада за наяўны разлік. Дапамогу ў стварэнні бібліятэкі ВНУ аказалі бібліятэкі Мінска, Масквы і Ленінграда. Кнігі таксама прывозіліся са Львова і Казані. Развіццё настаўніцкага інстытута, а разам з ім і бібліятэкі, спыніла Вялікая Айчынная вайна.

Адразу пасля вызвалення Гродна ад захопнікаў, пачалася падрыхтоўка да адкрыцця педінстытута. На пачатак 1944/45 навучальнага года (першага пасляваеннага) у бібліятэцы налічвалася ўсяго 52 кнігі.

Бібліятэка сёння – гэта 10 абанементаў, 9 чытальных залаў, 4 аддзелы (камплектавання, навуковай апрацоўкі фондаў і арганізацыі каталогаў; абслугоўвання; інфармацыйна-бібліяграфічны; бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій), сектар перыядычных, даведачных выданняў і дысертацыйнага фонду. Агульная колькасць фонду бібліятэкі складае больш за 650 тыс. экзэмпляраў дакументаў. Даўжыня кніжных паліц больш за 12 км. Акрамя гэтага, студэнты і выкладчыкі маюць мажлівасць працаваць у вучэбна-метадычных кабінетах. Бібліятэка валодае сучаснай аргтэхнікай, камп’ютарным паркам. Бібліятэка абслугоўвае выкладчыкаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэтаў, навучэнцаў каледжаў у складзе ўніверсітэта, а таксама іншых чытачоў.

Чытачы бібліятэкі могуць карыстацца даведачна-бібліяграфічным апаратам, універсальным фондам даведачных і бібліяграфічных выданняў, пошукавай электроннай сістэмай, у тым ліку рэпазіторыям «Працы вучоных ГрДУ імя Янкі Купалы. Поўны тэкст», базамі дадзеных у фармаце CD і DVD, электроннай бібліятэкай і бясплатнымі паслугамі Інтэрнэт-цэнтра (вул. Ажэшкі, 22, аўд. 116а). Наведвальнікі могуць замовіць кнігі па МБА і атрымаць электронныя копіі дакументаў з буйнейшых бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў Рэспублікі Беларусь і замежных краін.