У чытальнай зале навуковай бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы «О чем говорят автографы… : Книги из личной библиотеки профессора В.Н. Черепицы»
На выставе прадстаўлены кнігі з дароўнымі надпісамі (аўтографамі) з асабістай бібліятэкі прафесара Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы. Першым з вітальным словам выступіў дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Уладзіміравіч Грынько, які адзначыў, што ў бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы гэта першая выстава падобнага тыпу.
Затым слова было прадастаўлена ўладальніку гэтай унікальнай калекцыі кніг, прафесару Валерыю Мікалаевічу Чарапіцы. З яго слоў прысутныя даведаліся аб гісторыі ўзнікнення ідэі выставы і аб яго захапленні чытаннем уцэлым. Першай кнігай, падпісанай Валерыю Мікалаевічу, было выданне вершаў беларускага паэта Петруся Броўкі «А дни идут…», на прэзентацыю якой цяперашні прафесар трапіў, дарэчы, цалкам выпадкова. У калекцыі сабраныя аўтографы такіх знакамітых дзеячаў, як Вольга Іпатава, Іван Чыгрын, Аркадзь Сталыпін, Анатоль Караленка, Рэнальд Кныш, Мікалай Чаркашын, Мітрапаліт Мінскі Філарэт і многіх іншых.
Далей слова было прапанавана выкладчыкам нашага ўніверсітэта, калегам і вучням Валерыя Мікалаевіча, кнігі якіх таксама прадстаўлены на выставе.
Так, дацэнт Аляксандр Сяргеевіч Горны распавёў пра сваю кнігу «Сінодзік пацярпелых за веру і Царкву Хрыстовую ў Гродзенскай епархіі (ХХ стагоддзе)». А таксама адзначыў: «… самі аўтографы, самі надпісы – гэта дакументы. Яны могуць сведчыць пра многія якасці людзей, якія іх падпісалі».
Па словах Аляксандра Браніслававіча Арлукевіча, гэтая калекцыя кніг адлюстроўвае цікавы лёс яе ўладальніка.
Аляксандр Мікалаевіч Нечухрын, прафесар, доктар гістарычных навук указаў на значны ўклад Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы, унесены ў развіццё беларускай гістарыяграфіі.
Распавядаючы аб прадстаўленых на выставе кнігах, Валерый Мікалаевіч адзначае, што кожная кніга – гэта гісторыя: гісторыя сяброўства, гісторыя ўзаемаадносін. Каб захаваць гэтую гісторыю, кнігі былі перададзеныя ў дар навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы.
Выстава дзейнічае да 18 лютага па адрасе вул. Ажэшкі, 116. Азнаёміцца з ёй могуць усе жадаючыя.