Прэзентацыя кнігі “STUDIA POLONICA” і сустрэча з прафесарам С. П. Мусіенкай
3 снежня ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі “STUDIA POLONICA”, прысвечаная юбілею доктара філалагічных навук, прафесара, стваральніка кафедры польскай філалогіі Святланы Піліпаўны Мусіенкі.
Адкрыў сустрэчу дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, які распавёў пра кнігу, пра тое, што выйшла яна дзякуючы калегам-філолагам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – Alma-mater Святланы Піліпаўны.
Прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Васільевіч Сянько адзначыў вялікі ўклад, здзейснены Святланай Піліпаўнай на працягу сваёй больш як 50-гадовай працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў развіццё філалагічнай адукацыі, у падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама ў працэс выхавання маладога пакалення адным з найпрыгажэйшых відаў мастацтва – літаратурай.
Далей сустрэча праходзіла ў форме “вольнага мікрафону”. Словы падзякі Святлане Піліпаўне выказалі дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, дацэнты Алена Білюценка, Анатоль Брусевіч, Ала Петрушкевіч, прадстаўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага і многія іншыя.
Святлана Ганчар, загадчык кафедры замежных моў, падкрэсліла, што кніга “STUDIA POLONICA”, у якой змешчаны артыкулы аўтараў з розных краін, – гэта доказ таго, што навуковая і выкладчыцкая дзейнасць С.П. Мусіенкі як выкладчыка, навукоўца з’яўляецца вельмі маштабнай, бо прафесар мае шмат вучняў і паслядоўнікаў не толькі ў купалаўскім універсітэце, але і ў розных гарадах і краінах.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Піліпаўна расказала аб узнагародзе “NAGRODA POLONICUM”, атрыманай напярэдадні ў Варшаве за выключны ўклад у папулярызацыю польскай культуры ў свеце, аб кнізе і сваіх вучнях, і, безумоўна, аб літаратуры, якая стала не толькі асалодай жыцця, але і сэнсам навуковай і творчай дзейнасці прафесара.
Таксама былі афіцыйна падпісаны і перададзены ў фонды гродзенскіх бібліятэк экзэмпляры кнігі “STUDIA POLONICA”.
Гасцям была прадстаўлена кніжная выстава пад назвай “Жыццёвы РАМАН з літаратурай”, дзе, акрамя прац прафесара і яе вучняў, адным з унікальных экспанатаў быў рукапіс кандыдацкай дысертацыі С.П. Мусіенкі, які захоўваецца ў навуковай бібліятэцы.