Дыскусійны клуб “Праваслаўныя чацвяргі”
У межах супрацоўніцтва з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы 24 лістапада ў навуковай бібліятэцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы распачаў сваю працу дыскусійны клуб “Праваслаўныя чацвяргі”. Сімвалічна, што напярэдадні зімовых святаў тэма першай сустрэчы – “Рыхтуючыся да Раства Хрыстова”. Запрошаным госцем і спікерам стаў протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, настаяцель Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы, які расказаў прысутным пра гісторыю свята, пра падрыхтоўку да яго не толькі сёння, але і шмат стагоддзяў назад.
Падчас пасяджэння клубу абмяркоўваліся такія пытанні, як асаблівасці і функцыі трымання посту, роля малітвы ў жыцці хрысціяніна і інш. Таксама а. Аляксандр падзяліўся сваімі развагамі адносна міласэрнасці, дабрыні, памяркоўнасці і адносна іх успрымання і разумення чалавекам. Прысутныя задавалі цікавыя і глыбокія пытанні, што стала падставай для актыўнай дыскусіі.
Плануецца, што пасяджэнне дыскусійнага клубу “Праваслаўныя чацвяргі” будзе праходзіць 1 раз на месяц. Сачыце за нашымі абвесткамі ў сацыяльных сетках і на сайце бібліятэкі. Шчыра запрашаем!