superadmin – Page 4 – Навуковая бібліятэка Установа адукацыі Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы

Author - superadmin

Падведзены вынікі конкурсаў да святкавання Года малой радзімы

Сёння адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў конкурса эсэ «Малая Радзіма ў сучасным разуменні» і фотаконкурса «Люблю мой край, старонку гэту…».

Фотаконкурс праходзіў у сацыяльных сетках (работы ўдзельнікаў можна знайсці па #photolib2019). Пераможцам стала студэнтка юрыдычнага факультэта Ганна Мыслівец.

У конкурсе эсэ ўдзельнічала 20 работ студэнтаў ГрДУ імя Я.Купалы і навучэнцаў Лідскага, Ваўкавыскага і тэхналагічнага каледжаў.

Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Вольга Халупа і Анастасія Мікуліч.

Дыпломы ІІ ступені атрымалі Наталля Надзейка і Анастасія Сілкова.

Пераможцамі сталі Аляксандр Сцепаненка і Алёна Пунжаль.

Работы пераможцаў конкурса эсэ будуць апублікаваны ў часопісе «Маладосць».

   

Падрабязней...

Увага! Змены ў патрабаваннях да дакументаў для размяшчэння ў рэпазіторыі

Увага!

Нагадваем аб зменах у патрабаваннях да дакументаў для размяшчэння ў рэпазіторыі «Труды ученых ГрГУ. Полный текст».

З правіламі можна азнаёміцца па спасылцы >>

З пытаннямі можна звяртацца ў аддзел бібліятэчных інфармацыйных тэхналогій (Ажэшкі, 22, каб. 116 а, тэл. 74-43-78).

Падрабязней...

Прэзентацыя кнігі “STUDIA POLONICA” і сустрэча з прафесарам С. П. Мусіенкай

3 снежня ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі “STUDIA POLONICA”, прысвечаная юбілею доктара філалагічных навук, прафесара, стваральніка кафедры польскай філалогіі  Святланы Піліпаўны Мусіенкі.

Адкрыў сустрэчу дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько, які распавёў пра кнігу, пра тое, што выйшла яна дзякуючы калегам-філолагам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – Alma-mater Святланы Піліпаўны.

Прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Васільевіч Сянько адзначыў вялікі ўклад, здзейснены Святланай Піліпаўнай на працягу сваёй больш як 50-гадовай працы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў развіццё філалагічнай адукацыі, у падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама ў працэс выхавання маладога пакалення адным з найпрыгажэйшых відаў мастацтва – літаратурай.

Далей сустрэча праходзіла ў форме “вольнага мікрафону”. Словы падзякі Святлане Піліпаўне выказалі дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская, дацэнты Алена Білюценка, Анатоль Брусевіч, Ала Петрушкевіч, прадстаўнікі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага і многія іншыя.

Святлана Ганчар, загадчык кафедры замежных моў, падкрэсліла, што кніга “STUDIA POLONICA”, у якой змешчаны артыкулы аўтараў з розных краін, – гэта доказ таго, што навуковая і выкладчыцкая дзейнасць С.П. Мусіенкі як выкладчыка, навукоўца з’яўляецца вельмі маштабнай, бо прафесар мае шмат вучняў і паслядоўнікаў не толькі ў купалаўскім універсітэце, але і ў розных гарадах і краінах.

Напрыканцы сустрэчы Святлана Піліпаўна расказала аб узнагародзе “NAGRODA POLONICUM”, атрыманай напярэдадні ў Варшаве за выключны ўклад у папулярызацыю польскай культуры ў свеце, аб кнізе і сваіх вучнях, і, безумоўна, аб літаратуры, якая стала не толькі асалодай жыцця, але і сэнсам навуковай і творчай дзейнасці прафесара.

Таксама былі афіцыйна падпісаны і перададзены ў фонды гродзенскіх бібліятэк экзэмпляры кнігі “STUDIA POLONICA”.

Гасцям была прадстаўлена кніжная выстава пад назвай “Жыццёвы РАМАН з літаратурай”, дзе, акрамя прац прафесара і яе вучняў, адным з унікальных экспанатаў быў рукапіс кандыдацкай дысертацыі С.П. Мусіенкі, які захоўваецца ў навуковай бібліятэцы.

 

Падрабязней...

Прадастаўлены тэставы доступ да рэсурсаў выдавецтва Duke University Press

У межах работы віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для карыстальнікаў навуковай бібліятэкі ГрДУ ім. Я. Купалы прадастаўлены тэставы доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў выдавецтва Duke University Press.

Duke University Press – амерыканскае навуковае выдавецтва, якое выпускае выданні па гуманітарных і грамадскіх навуках. Выдавецтва актыўна публікуе міждысцыплінарныя даследаванні і падтрымлівае ідэі наватараў.

Даступны наступныя калекцыі:

  • навуковых часопісаў па літаратуры, культуралогіі, сацыялогіі, палітыцы, гісторыі;
  • рэцэнзаваных часопісаў па тэарэтычнай і прыкладной матэматыцы, статыстыцы;
  • кніжная калекцыя больш чым з 2,5 тыс. найменняў.

Мова дакументаў – англійская.

Тэставы доступ прадастаўлены да 25 студзеня 2020 года.

Рэсурсы даступныя па спасылках: https://read.dukeupress.edu/

https://projecteuclid.org/librarians/lib_prime

Падрабязней...

65 гадоў гістарычнай навуцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы

22 лістапада 2019 года ў навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылася выстава «65 гадоў гістарычнай навуцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы».  Арганізатарамі выставы выступілі факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму і навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы. Адкрыла выставу рэктар універсітэта Кітурка Ірына Фёдараўна. З уступным словам выступіў дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько.

Прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Эдмунд Ярмусік, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Майя Марцён, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны, а таксама дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Наталля Казлоўская расказалі пра аўтараў і кнігі з выставы.

Госць урачыстасці, загадчык  Цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Голубеў адзначыў прафесіяналізм гродзенскіх гісторыкаў і пажадаў студэнтам-купалаўцам пераймаць вопыт і працягваць дзейнасць гісторыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Выстава дзейнічае ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі, Ажэшка 22, ауд. 116. Запрашаем усіх!

Падрабязней...

Тэставы доступ да ЭБС Znanium.com

Znanium.com – гэта электронна-бібліятэчная сістэма (ЭБС), у якой сфарміраваны калекцыі электронных версій кніг, часопісаў, артыкулаў і іншых дакументаў, згрупаваных па тэматычных і мэтавых прыкметах.

У цяперашні час ЭБС Znanium.com з’яўляецца інфармацыйным парталам і ўключае падручнікі, навучальныя дапаможнікі, манаграфіі, артыкулы, дысертацыі і аўтарэфераты, зборнікі навуковых прац, энцыклапедыі, даведнікі, заканадаўча-нарматыўныя дакументы, навуковую перыёдыку, даступныя ў адзінай віртуальнай прасторы.

У ЭБС змяшчаецца больш за 50 000 дакументаў па розных тэматычных напрамках. Асновай фонду ЭБС Znanium.com з’яўляецца літаратура Групы кампаній «Інфра-М», якая на працягу 27 гадоў займаецца паспяховай выдавецкай дзейнасцю.

Тысячы кніг у электроннай форме эксклюзіўна прадстаўлены толькі на платформе ЭБС Znanium.com, што дае магчымасць гаварыць аб высокай якасці і ўнікальнасці ўсяго праекта.

У ЭБС Znanium.com даступна адаптыўная версія сайта для людзей з праблемамі зроку.

Каб атрымаць поўны доступ да сайта ЭБС неабходна спачатку зарэгістравацца на сайце https://new.znanium.com/ з камп’ютара, далучанага да лакальнай сеткі ўніверсітэта. З гэтым лагінам і паролем вы атрымліваеце права карыстацца кантэнтам ЭБС Znanium.com па-за межамі ўніверсітэта.

Падрабязней...

Магчымасць бясплатнай публікацыі ў часопісах міжнароднага навуковага выдавецтва Wiley для беларускіх вучоных

Wiley – адно з найбуйнейшых і аўтарытэтных міжнародных выдавецтваў, якое выпускае акадэмічныя выданні і навуковую рэцэнзаваную перыёдыку па гуманітарных, грамадскіх, дакладных навуках і медыцыне.

Для аўтараў з Беларусі выдавецтва прадастаўляе магчымасць публікацыі навуковых артыкулаў у часопісах Wiley Open Access без платы за разгляд і падрыхтоўку артыкула да публікацыі (APC, Article Processing Charges). Звярніце ўвагу, што сярэдні кошт APC складае 1724 еўра.

Усе артыкулы, апублікаваныя ў часопісах Wiley Open Access, адразу ж даступныя для свабоднага чытання, запампоўкі і распаўсюджання, што спрыяе эфектыўнаму прасоўванню вынікаў навуковых даследаванняў.

Пералік часопісаў адкрытага доступу Wiley (ёсць сартаванне па прадметнай вобласці).

Інфармацыя па падачы артыкулаў у часопісы адкрытага доступу выдавецтва Wiley.

Падрабязней...

Пачалася падпіска на друкаваныя СМІ на 1-е паўгоддзе 2020 года

Просьба падаць заяўкі на друкаваныя СМІ ў наступныя тэрміны:

– на замежныя друкаваныя СМІ да 15.11.2019 г.

– на СМІ Рэспублікі Беларусь да 29.11.2019 г.

Для аператыўнай працы раім скарыстацца электроннай формай замовы (Ф30.9-007) >>

Па пытаннях падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі звяртацца ў сектар перыядычных, даведачных выданняў і дысертацыйнага фонду навуковай бібліятэкі (вул. Ажэшкі, 22, каб. № 116).

Токарава Святлана Барысаўна – кантактная асоба

Тэлефон: 73-19-80

e-mail: s.tokareva@grsu.by

Падрабязней...

Аформлена падпіска на электроннае перыядычнае выданне «Harvard Business Review Расія»

Электроннае перыядычнае выданне «Harvard Business Review Расія» – штомесячны навукова-папулярны часопіс, прысвечаны розным пытанням кіравання бізнесам. Лічыцца адным з самых аўтарытэтных выданняў па менеджменце ў свеце. Пастаянныя аўтары часопіса – бізнес-гуру з сусветным імем: Ф. Котлер, М. Портэр, К. Крыстэнсэн, Г. Мінцберг і іншыя. «Harvard Business Review Расія» служыць крыніцай ідэй і рашэнняў для лідэраў бізнесу.

Змест часопіса: перадавыя ідэі, эфектыўныя тэхналогіі кіравання, інавацыі, аналіз канкрэтных бізнес-сітуацый, праблемы лідэрства, матывацыі, пытанні карпаратыўнай стратэгіі.

Падпіска ўключае ў сябе поўны архіў матэрыялаў рускамоўнага Harvard Business Review за папярэднія гады.

ДОСТУП да часопіса па спасылцы >> https://hbr-russia.ru/archive даступны з любой кропкі выхаду ў інтэрнэт праз Лагін і Пароль, які вы можаце атрымаць у чытальных залах навуковай бібліятэкі.

Падрабязней...